18 чэрвеня 2022 года ў гарадскім цэнтры інклюзіўнай культуры г. Гомеля прайшоў абластны фестываль аматарскай творчасці невідушчых і слабавідушчых “Надхненне”.

На адкрыцці фестывалю з прывітальным словам выступіў старшыня абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Аляксандр Балдуеў.

У праграму фестывалю ўвайшлі розныя жанры: эстрадныя і народныя спевы, сольны выступ, мастацкае чытанне і вершы ўласнага сачынення. Упершыню быў прадэманстраваны інклюзіўны народны танец з удзелам невідушчых і слабавідушчых.

Па традыцыі ў рамках фестывалю адбылася выстава дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, на якой свае работы прадэманстравалі лепшыя майстры Гомельскай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ”. Беларускі каларыт выставы панаваў усюды.

Фестываль, які стаў прыкметнай з’явай у жыцці Гомельшчыны, па-ранейшаму ўносіць значны ўклад у развіццё творчага патэнцыялу невідушчых і слабавідушчых людзей. З кожным годам фестываль маладзее, усё больш і больш на сцэне з’яўляецца маладых выканаўцаў у розных жанрах. Гэта яшчэ адзін спосаб пошуку формаў і метадаў працы з моладдзю - знайсці сябе і прымяніць свае здольнасці, здабыць мэту ў жыцці.

Дэбютантам фестывалю, які здолеў заваяваць любоў гледачоў і атрымаць бурныя апладысменты за свой выступ стаў Валянцін Рамашэўскі, г. Петрыкаў.

Святочныя ноты ўнеслі ў творчую палітру фестывалю выступленні гасцей-навучэнцаў ДУА “Васілевіцкая спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку”.

Урачыстая атмасфера свята, любімыя песні і душэўная абстаноўка нікога не пакінулі абыякавым. Усе ўдзельнікі фестывалю адзначаны дыпломамі, падзякамі і каштоўнымі падарункамі.

У якасці запрошаных прысутнічалі прадстаўнікі ўстановы "Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці" і ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама.

Гомельская абласная арганізацыя ГА “БелТІЗ” выказвае падзяку Гомельскаму аблвыканкаму за фінансавую падтрымку мерапрыемства і за гасціннасць гарадскому цэнтру інклюзіўнай культуры, ў сценах якога прайшоў фестываль.

Усім удзельнікам і гасцям фестывалю жадаем поспехаў і росквіту!

Да новых сустрэч, дарагія сябры!