Абласны фестываль аматарскай творчасці людзей з інваліднасцю па зроку чарговы раз прайшоў 28 верасня ў Гомельскім гарадскім цэнтры інклюзіўнай культуры.
Са сцэны гучалі эстрадныя і народныя мелодыі, удзельнікі радавалі сольнымі выступленнямі, запальнымі танцамі, мелодыямі, мастацкімі чытаннямі і вершамі ўласнага сачынення.
Па традыцыі ў рамках фестывалю прайшла выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе свае работы прадэманстравалі лепшыя майстры Гомельскай абласной арганізацыі "БелТІЗ".
Фестываль стаў прыкметнай з'явай у жыцці Гомельскай вобласці і дагэтуль уносіць значны ўклад у развіццё творчага патэнцыялу невідушчых і са слабым зрокам людзей. З кожным годам фестываль маладзее, на сцэне з'яўляецца ўсё больш маладых выканаўцаў розных жанраў. Гэта яшчэ адзін шлях пошуку форм і метадаў працы з моладдзю - пошук сябе і прымяненне сваіх здольнасцяў, здабыццё мэты ў жыцці.
Дэбютантамі фестывалю 2023, якія здолелі заваяваць любоў гледачоў сталі:
- Лілія Гетманава, г. Гомель;
- Дар'я Бічыкава, г. Мазыр;
- Святлана Новікава, г. Светлагорск.
Святочныя ноткі ў творчую палітру фестывалю дадалі выступленні гасцей - выхаванцаў Васілевіцкай спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку.
Старшыня абласной арганізацыі «БелТІЗ» Аляксандр Болдуеў адзначыў у прывітальным слове, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі не абмежаваны ў сваіх талентах. Урачыстая атмасфера свята, любімыя песні і душэўная атмасфера не пакінулі абыякавым нікога.
Усе ўдзельнікі фестывалю ўзнагароджаны дыпломамі, падзякамі і каштоўнымі падарункамі.
Гомельская абласная арганізацыя ГА "БелТІЗ" выказвае ўдзячнасць і падзяку Гомельскаму аблвыканкаму за фінансавую падтрымку мерапрыемства і гарадскому цэнтру інклюзіўнай культуры, ў сценах якога прайшоў фестываль, за гасціннасць.
Акрамя таго дзякуе валанцёрам атрада «Сёмае неба» сумесна з Саветам моладзі ААТ "ГЗЛіН" за аказанае садзейнічанне ў суправаджэнні людзей з інваліднасцю па зроку падчас фестывалю.