16 верасня 2019 года ў спецыялізаваным аддзеле, што абслугоўвае невідушчых 5-га філіяла цэнтралізаванай гарадской бібліятэчнай сістэмы, на базе аддзела рэабілітацыі унітарнага прадпрыемства "Светлатэхніка", у рамках пасяджэння літаратурнага клуба "Ліра", адбылася творчая літаратурна-музычная сустрэча з нагоды святкавання Дня бібліятэк і Дня горада.
Эпіграфам мерапрыемства стаў радок Канстанціна Цітова "Гомель мой — душы маёй сталіца". У імпрэзе бралі ўдзел члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіна Рагавая і Дар'я Дарошка, якія распавядалі прысутным пра нядаўнія падзеі з міжнароднага фестываля "Славянскія літаратурныя дажынкі" і чыталі свае вершы пра Гомель, восень і любоў.
На агеньчык завіталі госці з Рэчыцы: аўтары-выканаўцы Сцяпан Андрэеў і Аляксей Бязрукаў, паэты Мікалай Арбузаў і Святлана Каленчукова. Святлана падрабязна распавяла пра падзеі фестываля "Алёхінскія чытанні”, які праводзяцца ў Курску кожныя два гады. Сёлета Мікалай стаў лаурэатам у намінацыі "Паэзія", а Святлана атрымала дыплом за першае месца ў намінацыі "Мастацкае чытанне". Рэчычане парадавалі песнямі і вершамі.
Пакуль гучалі песьні, госці імпрэзы частаваліся гарбатай з ласункамі за шчодрым сталом. Некалькі зычлівых слоў прысутным сказаў кіраўнік аддзела рэабілітацыі Уладзімір Мікалаевіч Крывы.
З боку гаспадароў сустрэчу аздобілі песнямі народны калектыў "Крынічанька", дуэт Вольгі і Уладзіміра Пасенкаў, а таксама Уладзімір Дарнапых, які праспяваў уласную песню, прысвечаную Гомелю.
Кіраўнік "Крынічанькі" Анатоль Малянок сыпануў шчодрую прыгаршчу баянных акордаў. Вершы і вясёлыя байкі чыталі наведвальнікі бібліятэкі і гомельскі паэт Уладзімір Чараухін.
Мікрафон пераходзіў з рук у рукі і за ўвесь час абыйшоў усю залу тройчы. Натхняльную зычлівую атмасферу, як заўжды, стварыла гаспадыня імпрэзы, бібліятэкар Людміла Антонаўна Шарамет, дзякуючы якой усе прысутныя пачуваліся, нібыта ва ўтульнай кавярні сярод блізкіх сяброў.