7 верасня на базе УП «Светатэхніка» адбылася творчая сустрэча невідушчага паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Дар’і Дарошка з членамі Гомельскай гарадской арганізацыі ГА “БелТІЗ”. Дар’я Дарошка з’яўляецца лаурэатам шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных конкурсаў і прэмій, аўтаркай кніг «Не наступайте птице на крыло», «В Начале», «Маяк», «Птицы сновидений», «Альтанка».

Дар’я распавяла слухачам пра свае творчыя поспехі, адказала на пытанні і, вядома, зачытала вершы: «Патрэбы», «Каханне, гэта чай з лімонам…» (Дарэчы, чай з рознымі прысмакамі таксама прысутнічалі на імпрэзе і дапамагалі стварыць атмасферу шчырасці і цяплыні), «Осенняя тишина», «Рождение поэта», «Бунтарка» і іншыя. Слухачы сустракалі іх са шчырай цікавасцю і апладысментамі.

Пасля Дар’я правяла майстар-клас, цягам якога слушныя творчыя парады атрымалі Алена Ізбіцкая і Генадзь Шапавалаў. Кранальны верш пра маці прачытаў Уладзімір Дарнапых. Прагучалі таксама аўтарскія вершы ў выкананні Зінаіды Дземідзенка. Падчас музычнай паўзы прагучалі песні ў выкананні Аллы Дайнека і Аляксандра Шапавалава. Мерапрыемства двума вершамі закругліў Уладзімір Чараухін, інструктар-метадыст па сацыяльна-працоўнай рэабілітацыі.

Імпрэзу арганізавала Гомельская гарадская арганізацыя БелТІЗ.  Мерапрыемства вяла Наталля Леанідаўна Лебедзько — старшыня гарадской арганізацыі..