11 ліпеня ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» адбыўся інклюзіўны праект «Шлях да вытокаў: свята рамяства ў Нясвіжскім замку».
Цэнтральнай падзеяй праекта стала Рэспубліканская выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, якая аб’яднала майстроў з інваліднасцю па зроку з усіх рэгіёнаў Беларусі. Прадстаўленыя творы прадэманстравалі багацце нацыянальнай духоўнай спадчыны, вернасць традыцыям і высокі ўзровень майстэрства іх аўтараў.
Урачыстую цырымонію адкрыцця выставы правяла старшыня Цэнтральнага праўлення БелТІЗ Ірына Юрэня. Звяртаючыся да ўдзельнікаў і гасцей, яна падкрэсліла важнасць падтрымкі таленавітых майстроў з інваліднасцю па зроку, якія, нягледзячы на цяжкасці, сваімі рукамі ствараюць унікальныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Таццяна Верамчук.
Святочную атмасферу ў гэты дзень стварылі творчыя калектывы Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Іх выступленні напоўнілі старажытны двор замка жывой музыкай, народнымі песнямі і шчырымі эмоцыямі.
Асаблівым падарункам для ўдзельнікаў свята сталі экскурсіі па Нясвіжскім замку. Яны дазволілі бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй і акунуцца ў непаўторную атмасферу старажытнай рэзідэнцыі Радзівілаў.
Сумесная ініцыятыва БелТІЗ і музея-запаведніка «Нясвіж» стала яскравым прыкладам партнёрства і ўзаемаразумення.
Цэнтральнае праўленне грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» выказвае шчырую ўдзячнасць адміністрацыі і супрацоўнікам Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» за падтрымку праекта, гасціннасць і плённае супрацоўніцтва.