Творчае жыццё Віцебшчыны немагчыма ўявіць без яркіх выступленняў і самабытнага каларыту народнага ансамбля народнай песні «Кросны» ўнітарнага прадпрыемства «Элект». На днях калектыў пад кіраўніцтвам Валерыя Бруйко зноў апынуўся ў цэнтры ўвагі: падчас творчага справаздачнага канцэрта ансамбль бліскуча пацвердзіў ганаровае званне «Народны аматарскі калектыў».
Для любога творчага калектыву пацвярджэнне такога статусу — гэта не проста фармальнасць, а сур’ёзны і адказны экзамен перад гледачамі і экспертамі. Паводле рашэння атэстацыйнай камісіі і пастановы Савета абласнога аб’яднання прафсаюзаў, ансамбль «Кросны» ў чарговы раз пацвердзіў высокі ўзровень выканаўчага майстэрства і адданасць беларускай песеннай традыцыі.
Гісторыя калектыву пачалася ў 1995 годзе. Сёння «Кросны» аб’ядноўваюць 18 таленавітых удзельнікаў ва ўзросце ад 21 да 74 гадоў. Ансамбль вылучаецца багатым і разнастайным рэпертуарам, які ахоплівае старажытныя абрадавыя, патрыятычныя песні і сучасныя творы. Асаблівы нацыянальны каларыт і душэўнасць выступленням надае жывое гучанне традыцыйных музычных інструментаў.
Прафесіяналізм і шчырая любоў да народнай спадчыны дапамагаюць ансамблю на працягу дзесяцігоддзяў захоўваць высокі ўзровень выканаўчага майстэрства.
Віншуем народны ансамбль «Кросны» з гэтым важным дасягненнем! Жадаем артыстам нязгаснага натхнення, новых творчых поспехаў, моцнага здароўя і заўсёды поўных залаў удзячных гледачоў!